Наведванне музея традыцыйнай культуры

У рамках рэалізацыі праекта, вучні школы наведалі музей традыцыйнай культуры і побыту ў г.п.Івянец. У наш час дзяржаўная установа “Івянецкі музей традыцыйнай культуры” шматфункцыянальны комплекс. Адміністрацыйны будынак уключае гісторыка-краязнаўчую экспазіцыю, шыкоўную арыгінальную залу керамікі і пастаянную выставу твораў карыфея нацыянальнага разьбярства Апалінара Фларыянавіча Пупко.

Але сапраўдным каштоўным дыямантам паўстае Цэнтр рамёстваў пры музеі, дзе дзейнічаюць ганчарння і майстэрня ткацтва, кузня і майстэрня мастацкай апрацоўцы драўніны з разгаляванымі пазнавальнымі экспазіцыямі па спецыфічнаму профілю. Тут праводзяцца заняткі гурткоў і ёсць магчымасць для наведвальніка акунуцца ў сакральную таямніцу стварэння твора майстрам.

У сядзібна-паркавым комплексе канца ХІХ ст. працуе музейны аб`ект “Карчма” і музей местачковага побыту. На тэрыторыі, упрыгожанай драўлянымі скульптурамі і альтанкамі-навесамі, для наведвальнікаў створаны ўмовы для  культурнага адпачынку пад шатамі старасвецкіх дрэваў.